Ужо два гады запар педагог Наталля Ківачук у час водпуску ўдзельнічае ў жніве

— Калі мінулым летам бацька прапанаваў: “Давай са мною ў час жніва працаваць на камбайне”, я спачатку ўспрыняла ўсё, як жарт, і, смеючыся, адказала, маўляў, давай. Прыйшоў час уборкі, і зноў пра гэта зайшла размова. Тады я задумалася ўжо сур’ёзна. І вырашыла: чаму б не паспрабаваць — водпуск у мяне вялікі, правы трактарыста яшчэ ў школьныя гады атрымала, ды і тата, у якога стаж і вопыт работы на жніве ўжо вялікі, будзе заўсёды побач, а значыць, усяму навучыць, раскажа, пакажа, — успамінала пра тое, як пачыналася яе “камбайнерская біяграфія”, мая субяседніца Наталля Ківачук.
Складанасці камбайнерскай справы былі знаёмы ёй добра. Бацька штогод вёў бітву за ўраджай на палях прадпрыемства “Савушкіна”, ды і муж, калі надыходзіў гарачы час жніва, з ранку да ночы праводзіў час у полі. Але ў свой першы камбайнерскі дзень зразумела: тонкасці хлебаробскай справы зведаць вельмі няпроста.
Мы прывыклі ўжо бачыць жанчыну ў многіх “мужчынскіх” прафесіях. Але вось у кабіне камбайна яна выглядае нязвыкла. Вось і Наталлю, успамінае яна, з першых дзён ніхто з камбайнераў не ўспрымаў сур’ёзна. Але яна вельмі старалася быць карыснай і паступова ўлілася ў калектыў. І калі ў сёлетнім сезоне жніва зноў у першы дзень прыйшла на мехдвор, яе сустрэлі, як сваю.
Раўняцца з іншымі кам­байнерамі, якія ведаюць ужо свае сакрэты ўборкі, Наталля Юр’еўна, педагог па адукацыі, і не збіралася. Ёй проста хацелася даказаць і самой сабе, і іншым, што жанчына таксама можа кіраваць камбайнам і працаваць не менш адказна, акуратна, чым камбайнеры-мужчыны. А яшчэ ёй вельмі хацелася быць памочнікам для бацькі, працаваць з ім у надзейным сямейным экіпажы. Ды і перспектыва атрымаць дадатковы заробак у час адпачынку на асноўнай рабоце, а працуе Наталля ў Олтушскім дзіцячым садзе, таксама падабалася. Але грошы, асабліва заробленыя ў “бітве” за ўраджай, лёгкімі не бываюць. У сёлетняй уборачнай кампаніі, заўважае Наталля, трэба было вытрымаць выпрабаванне сонцам:
— Вядома ж, у кабіне камбайна камфортна, ёсць усе ўмовы для работы. Але ж увесь час у ёй сядзець не будзеш. Трэба раз-пораз на поле спускацца, сачыць за коласам. А калі паломка якая, дык тут жа па запчасткі ехаць.
Тры тыдні жніва для тых, хто працуе на ім, – гэта асаблівае жыццё. Працоўны дзень пачынаецца рана. Хоць у поле камбайн выходзіць пасля дзевяці гадзін, але ж трэба падрыхтаваць яго да работы – пачысціць, змазаць, праверыць, ці ўсё працуе, бо ад ранішняй прафілактыкі залежыць працоўны дзень і, у першую чаргу, намалот зерня. Днём, калі надвор’е добрае, а сёлета яно было лепшым падарункам хлебаробам за іх цяжкую працу, работа спыняецца толькі на паўгадзіны, каб паабедаць, паколькі кожны спяшаецца ўбраць поле. І доўжыцца ўборка да часу, калі ўжо вечар з ноччу сустракаюцца, бо ніхто не гарантуе, што сонечнае надвор’е не зменіцца заўтра навальніцай.
— За два сезоны на жніве я ўжо многаму навучылася. Зразумела, далёка не ўсе тонкасці пакуль ведаю, але па коласу ўжо магу ацаніць, як убіраць поле трэба. Даводзілася працаваць на палях з рапсам, ячменем, аўсом, пшаніцай, жытам. Цяпер ведаю, што ў кожнай культуры свае асаблівасці ва ўборцы. Але калі побач з табою вопытны камбайнер, а бацька адпрацаваў ужо на жніве шмат сезонаў, нічога не страшна. Толькі не лянуйся, слухай парады і прымяняй іх.
Самой Наталлі таксама ўжо ёсць што параўноўваць. Леташняе жніво, як успамінае яна, карэнным чынам адрознівалася ад сёлетняга. Мінулым летам часта ішлі дажджы, таму ўборку зерневых даводзілася прыпыняць, чакаць, пакуль уладкуецца надвор’е. Губляўся час, ды і ўраджай быў не такі, як сёлета.
— А гэтае жніво прайшло хутка, ні на дзень работа не спынялася. Ды і зерне проста радавала вока і душу. Бывала, што за дзень па 60 тон машыны ад камбайна адвозілі.
Сямейны экіпаж у складзе Юрыя Парчэўскага і Наталлі Ківачук намалаціў амаль 200 тон рапсу і больш за 640 тон зерня. На розных участках ім працаваць даводзілася. Дзе зерне добрае, бункер напаўняўся хутка, але і горшыя ўчасткі не засмучалі, бо і бацька, і дачка па характары аптымісты і лічаць, што любая работа ў полі важная.
А яшчэ Наталля рамантык. І, вядома, яе душа не магла заставацца раўнадушнай да хараства залатога поля, да шэпту каласоў, да цеплыні ўзятага ў далоні залатога зерня, якое, здаецца, дыхае.
— Днём, калі спякота і работа ідзе ў рытме, няма часу на рамантыку. А вось увечары, калі садзіцца сонца, на зямлю апускаецца прахалода, у сіняватай смузе каласы здаюцца дзіўнымі. Гэтым малюнкам можна любавацца бясконца, аж нават дух захоплівае, — натхнёна расказвае Наталля.
Папрацаваўшы на полі, жанчына цяпер добра ра­зумее мужа, які раней не раз ёй расказваў пра рамантыку хлебаробскай працы. На жніве ў “Савушкіна” сёлета былі задзейнічана 8 экіпажаў камбайнаў. З мужам, які працаваў у сямейным экіпажы з братам, былі яны, можна сказаць, сапернікамі. Тэма ўборкі тры тыдні заставалася ў доме галоўнай. А вось хатнія справы давялося адкласці. Паспець і дома, і ў полі было нерэальна. Як заўважае Наталля, добра, што маці дапамагала: і за ўнучкай Насцяй гля­дзела, і па дому ўсё, што трэба, рабіла. У гарачы час жніва па-іншаму не атрымліваецца, даводзіцца нечым ахвяраваць.
Як толькі завяршылася ўборка зерня, Наталля Ківачук вярнулася да сваёй асноўнай работы, у дзіцячы сад. Яна – педагог-дэфектолаг. І цяпер увесь год будзе сеяць зерне навыкаў у сваіх маленькіх выхаванцаў. Бо “ўраджай” педагагічнай працы, упэўнена яна, не менш важны і важкі, чым ураджай у полі.
Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано в «ГЧ» 20.08.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.techno-centre.niko.ua

profvest.com/

cl24.com.ua/ctcat_id/5.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!