«Крылы дужэюць у палёце» Паэтэса Тамара Абрамчук (Маларыцкі раён)

Імя мясцовай паэтэсы Тамары  Абрамчук з вёскі Дворышча чытачам нашай газеты ўжо добра вядома. Амаль у кожным выпуску  літаратурнага аб’яднання “Над рэчанькай Рытай”, якое існуе пры раённай газеце “”, друкуюцца яе творы. Вершы Тамары Міхайлаўны тэматычна шматпланавыя. Яны чытаюцца лёгка, кранаюць прыгажосцю паэтычнага радка,  шчырасцю, праўдзівасцю, глыбінёю думкі. Сёння Тамара Абрамчук – госця нашай “Літаратурнай гасцёўні”.

– Я нарадзілася ў Іркуцку, там пайшла ў школу. Калі споўнілася 9 гадоў,  разам з бацькамі пераехала ў в.Дворышча на радзіму таты, стала вучыцца ў Олтушскай СШ. Новае асяроддзе, іншыя людзі, мілагучная мова і незвычайныя ўражанні – усё іншае, цікавае і нязведанае. Цяпер разумею, што менавіта гэтыя змены паўплывалі на станаўленне маёй творчай натуры.

_______________________________________

Адлегласць

 

Засталася мiж намi адлегласць
Замест слоў і пачуццяў моцных.
Адзін дзень для мяне як вечнасць:
Нібы нітка у старых кроснах.

Паміж намі застаўся подых
Навальніцы твайго кахання.
Я цябе разглядала ў зорах,
Каб хутчэй мне забыць пра растанне.

Ты казаў што ты быў шчаслівы.
Але вось паміж намі прорва.
Лёс бывае такі хлуслівы,
Што знікае надзея на словы.

Паміж намі цяпер надзея,
Што ўсе магло атрымацца.
Толькі вось не хапіла дзеяў
Для таго, каб разам застацца.

05.07.2017

_______________________

Пасля заканчэння дзевяці класаў  Олтушскай СШ Тамара Абрамчук вучылася ў Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М. Машэрава. Закончыўшы факультэт нямецкай філалогіі Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта, на першае месца працы была накіравана ў Маларыцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет, дзе стала працаваць метадыстам і курыраваць выкладанне замежных моў у раёне. Цяпер яна працуе ў сферы паслуг (г.Брэст), але з наступнага месяца пачынае выкладаць б’юці-курсы ў адукацыйным цэнтры “Дрэва ведаў”. У вольны час піша вершы, у асноўным – на беларускай мове. Гэта своеасаблівае хобі, якое дае магчымасць у паэтычнай форме сказаць пра тое,   што хвалюе, раскрыць свой паэтычны свет.

– Мяне заўсёды цікавіла творчасць і прыгажосць паэтычных радкоў. Памятаю, як яшчэ ў дзяцінстве пяцігадовай дзяўчынкай па некалькі разоў на дзень бегала ў суседні двор у дзіцячую бібліятэку і брала чытаць зборнікі вершаў Карнея Чукоўскага, Самуіла Маршака, Эдуарда Успенскага і Аляксандра Пушкіна…

– Калі напісалі першы верш?

– Свой першы “сапраўдны” верш напісала ў 2009 годзе. Тады яшчэ і ўявіць не магла, што пазней гэта на­столькі захопіць мяне,  зачаруе,  што ўжо і немагчыма будзе спыніцца. А калі ва ўніверсітэце дасканала вывучала літаратуразнаўства на нямецкай мове, то вершы пачала пісаць часцей. Тэорыю ведала добра, таму набытыя веды стала замацоўваць на практыцы. Здаецца, стала атрымлівацца. Проста так,  самі па сабе вершы не пішуцца. Каб верш загучаў,  трэба прыкласці шмат намаганняў, у яго неабходна ўдыхнуць жыццё, частачку сябе.

________________________

Мы проста з розных з табой сусьветаў

Мы проста з розных сусветаў
І да таго ж не маем агульных шляхоў,
Мы проста блукаем з табой па свеце,
Але ж і свет асабіста ў кожнага свой.

Мы крочым па свеце бы сонца па дасе
Малюе нябачны ўзор.
І знікнем мы раптам, а хтосьці прачнецца
І ўбачыць жыцця светлафор.

Ніхто не павінен нікому нічога.
Жыццё шмат прасцей за падман.
І верыць, любіць, спадзявацца зможа любы,
Каму шанец жыцця падарункам стаў.

Ўрыўкі жыцця ўз’яднаны ў паэму,
Якую так лёгка чытаць.
Вугольчыкам спішам навую паперу,
Каб час і жыццё ўз’яднаць.
________________________________

– Тамара Міхайлаўна, якой тэме аддаяце перавагу ў сваёй творчасці?

– Тэматыка маіх вершаў самая розная. Вось толькі пра прыроду амаль што не пішу. Больш з філасофскім сэнсам падабаецца складаць рыфмы. Гэта, можа, таму, што я люблю разважаць, глыбока асэнсоўваць,  што здараецца са мной ці тымі людзьмі, якія знаходзяцца побач або сустракаюцца на маёй жыццёвай сцежцы. Ёсць вершы пра каханне, шчасце, лёс, узаемаадносіны паміж людзьмі…

– Раскажыце пра свой першы паэтычны зборнік.

– У яго цікавая гісторыя ўзнікнення. Для мяне гэта – своеасаблівы сюрпрыз. Па-тлумачу чаму. Зборнік “Спроба” складаецца з 17 вершаў на  беларускай мове. Яго на дзень нараджэння падарыла мне мама. Яна ўпотайкі  пад­рыхтавала і выдала зборнік у друкарні (г.Кобрын) тыражом 13 экзэмпляраў. Два з віншаваннем ад мамы за­сталіся ў мяне, а астатнія  падаравала лепшым сябрам. З’яўленне зборніка стала штуршком для таго, каб патэлефанаваць Мікалаю Іванавічу Пацеюку (аг.Ляхаўцы) і расказаць пра сваю творчасць. Гэта быў смелы ўчынак з майго боку. Мне ўжо было што паказаць і чым падзяліцца. Да гэтага свае  творы публікавала на нацыянальным паэтычным партале “Вершы беларускіх паэтаў” і ў сацыяльных сетках. Пасля з’яўлення паэтычных твораў на старонках “раёнкі” зразумела, што вершы ў мяне атрымліваюцца. Пра гэта сведчаць шматлікія водгукі чытачоў.

–Тамара Міхайлаўна, калі вершы з’явіліся на старонках газеты “”?

– Два першыя вершы на-друкаваны ў маі 2017 года на беларускай мове. На рускай мове, улічваючы, што яна для мяне – мова дзяцінства, пачала пісаць вершы толькі ў мінулым годзе. Да гэтага часу былі толькі паасобныя спробы.

Адным з самых вялікіх да­сягненняў лічу тое, што мой верш “Маладосць” на тэлеканале “Беларусь-1” у праграме “Добрай раніцы, Беларусь!” прачытаў загадчык аддзела культуры агенцтва тэлевізійных навін Міхась Равуцкі. Дагэтуль не ведаю, як верш туды трапіў. Мае вершаваныя творы выбіралі студэнты і вучні, каб паўдзельнічаць у розных  творчых конкурсах або проста вучылі на памяць для ўрокаў беларускай літаратуры ў Брэсцкім абласным ліцэі.  Кожны раз спрабую эксперыментаваць з рыфмай і рытмам. Падабаецца ствараць штосьці незвычайнае. Паэзія дае крылы для палёту душы, абнадзейвае, узвышае, уздымае над будзённасцю.

______________________

Маладосць

Не ўцякай ад мяне ты, мая маладосць,
Пашкадуй мяне ў сцюжы ўзімку:
Мне з табою так добра ў згодзе жылось,
Шмат прайшлі мы з табой у абдымку.

Не спрачайся са мной ты, святое сумленне,
Бо я ўсё і сама разумею не горш.
І калі я ў жыцці адчуваю сумненні,
Мне здаецца, што раптам трапляю пад дождж.

Не крыўдуй на мяне ты, стары чалавеча –
Я з вялікай павагай табе адкажу,
Што, на жаль, у жыцці я таксама не вечна,
Хоць з надзеяй і марай у люстэрка гляджу.

А жыццё ўсё бяжыць, мільгаціць прад вачыма.
Мне, бывае, так хочацца крыкнуць: ”Спынісь!”
Але вось пражываем яшчэ адну зіму,
І нішто не змяняецца, як і калісь.

22.12.2017

________________________________

– Якія творчыя планы на будучыню?

– Зараз рыхтую да друку другі зборнік. Гэта будзе ўжо сур’ёзнае выданне. Зборнік можна будзе набыць і нават узяць пачытаць у бібліятэцы. Ён будзе выдадзены пад псеўданімам Мілана Абрамчук. Чаму Мілана? На гэта ёсць некалькі прычын, пра якія не хацелася б пакуль гаварыць. А яшчэ ўдзельнічаю ў першым для мяне творчым конкурсе “Витебский листопад”. Ёсць і шмат іншых творчых задумак, якія паступова буду рэалізоўваць. Штодзень працую над сабой. Разумею, што крылы дужэюць у палёце. Каб узляцець, неабходна іх моц.

Мікалай НАВУМЧЫК.  

_________________________

СПРОБА

Паспрабуй змяніцца без людзей,
Паспрабуй пажыць у адзіноцтве,
Паспрабуй, не меўшы шмат падзей,
Верыць у вялікія прароцтвы.

Паспрабуй быць тым, хто ты і ёсць,
Паспрабуй не лезці ў амбразуру,
Паспрабуй зрабіць хоць штось,
Непадобнае на шэрую скульптуру.

Паспрабуй пажыць без тылу,
Паспрабуй пажыць ты так,
Каб усе тыя, што не мелі сілу,
З захапленнем адказалі: «Так,мастак».

Міла Абрамчук, 2014

_________________________________

                             

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!